?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Антушы — вёска ў Рагачоўскім раёне. Раней — аколіца ў складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, Лукаўскай воласці, за 5 вёрстаў ад паштова-тэлеграфнай станцыі Чырвоны Бераг. Да 1962 г. уваходзіла ў склад Кармянскага раёна.
Першыя звесткі пра касцёл у Антушах адносяцца да пачатку ХІХ ст. і звязаны з імем ксяндза Канстанціна Антушэвіча. Ён нарадзіўся ў аколіцы Антушы каля 1744 г. Паходзіў з дробнай шляхты, вучыўся ў Віленскай семінарыі і ў Італіі (дзе менавіта — дакладна невядома). У 1800 г. фундаваў у Антушах касцёл, які ў 1802 г. быў асвячоны пад тытулам Унебаўшэсця Пана1).
1) НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1387. — Арк. 54–54 адв., 55.
Касцёл у Антушах спачатку быў філіяльным у дачыненні да касцёла ў мястэчку Карпілаўцы (цяпер — Карпілаўка, знаходзіцца ў межах г. Жлобіна). У 1744 г. у карпілаўскую парафію Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі ўваходзілі наступныя населеныя пункты: Вірня, Высокае, Вярбічаў, Горваль, Дзяніскавічы, Жлобін, Забалоцце, Казловічы, Карпілаўка, Лукі, Любань, Плюсовічы, Побалава, Рагачоў, Рогінь, Рудня, Святое, Сенажаткі, Слабодкі, Стралкоўшчына, Стрэнькі, Стрэшын, Царкоўе, Чарцяж, Шацілкі2).
2) Suwalskie towarzystwo genealogiczne [Электронны рэсурс] — http://www.mem.net.pl/stg.
Католікамі ў Антушах былі шляхціцы Абрамовічы, Акушкі, Александровічы, Антушэвічы, Ардо, Асташкевічы, Банькоўскія, Бараноўскія, Быхаўскія, Вайцяхоўскія, Вільчынскія, Глазоўскія, Грахоўскія, Гурскія, Драздоўскія, Жаўткі, Жылінскія, Закржэўскія, Зубовічы, Зянкевічы, Качаноўскія, Корзуны, Кучынскія, Ліпскія, Ляснеўскія, Манкевічы, Міхалькевічы, Нецыеўскія, Пархамовічы, Паўлоўскія, Савіцкія, Сенажэцкія, Трацэўскія, Туроўскія, Філіповічы, Хадароўскія, Хадкевічы, Ціхінскія, Шацілы, Шпакоўскія, Шчыгольскія, Шымборскія, Юневічы, Юшкоўскія, Ядлоўскія, Яцкевічы.
У 1843 г. касцёл у Антушах стаў парафіяльным. Гэта адбылося дзякуючы захадам пробашча карпілаўскага касцёла кс. Марціна Вашкевіча. У 1839 г. у сувязі з ліквідацыяй карпілаўскага касцёла кс. Вашкевіч дамогся, каб парафіяльным стаў касцёл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 г. даў міністру ўнутраных справаў такі дазвол (№ 2747)3).
3) НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1494. — Арк. 51–55.
У 1841 г. стары касцёл у Антушах быў цалкам перабудаваны звонку, а ў 1843 г. і «внутри совершенно конченный иждивением ксендза того ж прихода, парафиан и других благотворительных лиц»4). З таго часу касцёл вядомы пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Антушаўская парафія была 4-га класу і да 1882 г. уваходзіла ў Рагачоўска-Быхаўскі дэканат. Парафія межавала з люшаўскай, рагачоўскай, бабруйскай і рэчыцкай парафіямі. Да 1857 г. адміністратарам у ёй быў кс. Вашкевіч, а вікарыем у той час працаваў кс. Дамінік Юшкевіч.
4) Тамсама. Спр. 1444.
З 1858 г. вікарыем тут працаваў кс. Геранім Манствіла.
У 1860 г. адміністратарам касцёла быў кс. Багдановіч.
З 1861 г. адміністратарам быў кс. Клеменці Падбярэзскі, вікарыем — кс. Юліян Чачот.
З 1862 г. вікарыем антушаўскага касцёла быў кс. Фелікс Ігнацьевіч Заленскі.
Можна меркаваць, што ў час паўстання 1863 г. Антушы былі спаленыя войскамі, бо частка жыхароў падтрымала паўстанне.
Да 1866 г. адміністратарам быў кс. Адам Каркоўскі. У 1866–1867 гг. ён быў законанастаўнікам і вікарыем, а потым з 1867 г. — зноў адміністратарам.
У 1867 г. адміністратарам касцёла быў кс. Фабіян Сікорскі.
У 1901–1909 гг. пробашчам у Антушах быў кс. Міхаіл Ігнацьевіч Бузыцкі, а ў 1909–1911 гг. — кс. Аляксандр Боўтуць.
У 1910 г. святаром Аляксадрам Боўтуцем быў капітальна адрамантаваны будынак касцёла, у 1911 г. касцёл цалкам пафарбавалі алейнымі фарбамі.
Касцёл меў прывілей, выдадзены біскупам Ключынскім 21 жніўня 1910 г. за № 6281. У касцёле захоўваліся рэліквіі св. Яна Кенцкага.
Колькасць парафіянаў у 1910 г. складала 2 400 чалавек. У гэты час у абедзвюх земскіх школах і ў чыгуначным вучылішчы (у Жлобіне) выкладаўся Закон Божы5).
5) Тамсама. Спр. 1504. — Арк. 6.
У антушаўскую парафію ўваходзілі наступныя населеныя пункты:
– мястэчкі Жлобін, Карпілаўка;
– вёскі Барсукі, Жальвін, Кашара, Ліскі;
– маёнткі Астарманск, Забалоцце, Малевічы;
– фальваркі Грабек, Драхлін, Лебядзёўка, Праходцы;
– аколіцы Антушы, Вярбічаў, Дуброва, Зялёнае Будзішча, Зялёны Мох, Марусенка, Новы Мазалаў, Сенажаткі, Стары Мазалаў, Чарцяж;
– хутар Лозкі.
Могілкі былі ў Антушах, Жлобіне, Марусенцы і Чарцяжы.
У архіве антушаўскага касцёла захоўваліся: метрычныя кнігі аб нараджэнні з 1843 па 1913 г., шлюбныя метрычныя кнігі з 1840 па 1913 г., кнігі перадшлюбных экзаменаў з 1892 па 1913 г., метрычныя кнігі аб памерлых з 1843 па 1913 г., кнігі канвертытаў з 1905 г., кнігі з цыркулярнымі распараджэннямі духоўнага начальства, кнігі са шлюбнымі дысперсіямі, кнігі з выпраўленнямі метрычных запісаў, кнігі аб касцёльнай маёмасці, кнігі касцёльных медных пячатак.
У архіве ліквідаванага карпілаўскага касцёла захоўваліся: метрычныя кнігі аб нараджэннях з 1730 па 1843 г., метрычныя кнігі аб перадшлюбных экзаменах з 1816 па 1839 г., метрычныя кнігі аб шлюбах з 1721 па 1840 г., метрычныя кнігі аб памерлых з 1805 па 1842 год.
У 1911–1912 гг. пробашчам у Антушах быў кс. Тэлесфор Каўчынскі. Пэўны час у Антушах працаваў кс. Юзаф Уладзіслаў Серасек.
У 1913–1914 гг. адміністратарам тут быў кс. Міхаіл Тамашэўскі7, у 1914–1915 гг. — кс. Юліян Матусевіч, у 1916–1917 гг. — кс. Тэадор Рыла.
7 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1494. — Арк. 51–55.
З 1917 г. да сярэдзіны 1920-х гг. пробашчам парафіі быў кс. Казімір Мустэйкіс. У 1917 г. у парафіі налічвалася 2 440 вернікаў.
У 1918 г. на тэрыторыі парафіі былі расквартаваныя польскія легіянеры з корпуса генерала Доўбара-Мусніцкага.

Уладзімір Васькоў

Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны

Гісторыя Гомельскага рыма-каталіцкага дэканата

Latest Month

December 2018
S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel