?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

ХАДАСЕВІЦКАЯ СЯДЗІБА


Сядзіба Хадасевічы (першапачатковая назва Юнцэвічы, Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) размяшчалася ўздоўж левага берага Дняпра і належала старажытнаму роду Хадасевічаў. Фамільная версія звязвае заснаванне роду з князем Іванам Данілавічам з Рурыкаў па прозвішчы Ходас. Аднак Літоўская Метрыка 1528 г. родапачынальнікам Хадасевічаў лічыць менскага памешчыка і ўладальніка вёсак Уланы і Юнцэвічы Ермалая Касінскага (1480-1530), сына Ходаса (1416). Атрымаўшы ў спадчыну Юнцэвічы, Іван Касінскі перадаў вёску сыну Крыштофу (1590), а потым унуку Бенядзікту (1608), ротмістру войска Пятра Сапегі. У 1664 г. па невядомых абставінах Юнцэвічы выпалі з рук Хадасевічаў і вярнуліся да іх толькі ў 1780 г. як пасаг Бальбіны Залескай, замужняй за Юзафам Хадасевічам. Апошні завяшчаў гэты маёнтак свайму сыну Тэафілу (1789-1861), які прысвяціў большую частку жыцця сельскагаспадарчай навуцы. За ўдзел у паўстанні 1863 г. сына Тэафіла Хадасевіча Яна (1831-1884) царскія ўлады канфіскоўваюць сядзібу, а ўладальніка на 20 гадоў ссылаюць у Сібір. У 1883 г. Ян Хадасевіч вяртаецца ў Беларусь і адваёўвае права на сваю маёмасць плошчай у 8000 га. Апошнім гаспадаром маёнтка становіцца яго сын Адольф (1861-1936).
Сядзібу пабудаваў ротмістр каралеўскага войска Юзаф Хадасевіч у 1780-1784 гг. Сядзібны дом уяўляў адносна невялікі аднапавярховы мураваны будынак на падвальным цокалі, пад вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаўся ўзнятым на ганак чатырохкалонным порцікам.
У 1850-ых гг. сціплы дом значна пашыраецца за кошт надбудовы ў сярэдняй частцы тыльнага фасада нізкай мансарды з трохкутным франтонам і гербавым картушам у завершы. Па краях дабаўляюцца кароткія крылы, таксама завершаныя трохкутнымі франтонамі. Уздоўж тыльнага фасада ўстройваецца тэраса. Відавочна, у гэты час змяняецца і выгляд порціка, калоны якога павялічыліся дзякуючы высокім дыспрапарцыянальным капітэлям, стылізаваным пад іанічны ордэр. Яго трохкутны франтон таксама атрымаў некананічную спрошчаную дробную форму. Адначасова да правага тарца дома дадаецца чатырохвосевае аднапавярховае крыло, падведзенае пад агульны дах. Дэкор плоскасных фасадаў абмяжоўваўся ліштвамі з сандрыкамі простакутных вокнаў і дзвярэй, прафіляваным карнізам і вуглавым рустам.
Перабудова значна закранула і ўнутранае ўстройства дома, які набывае багатую апрацоўку інтэр'ераў. Старая частка дома налічвала на першым паверсе 15 пакояў, звязаных анфіладна толькі ў франтальным радзе з вестыбюлем па цэнтры. Памяшканне па правым баку вестыбюля адводзілася пад кабінет, за ім змяшчалася бібліятэка; па левым - хол з лесвічнай клеткай, апрацаваны пад штучны мармур малы «камінны» салон. З вестыбюля напрамую траплялі ў вялікую працяглую бальную залу з трыма вокнамі-дзвярамі, якія выходзілі на дваровую тэрасу. Вестыбюль быў аформлены ў стылі класіцызму: сцены чляніліся пілястрамі і завяршаліся прафіляваным закругленым па вуглах карнізам; панелі паміж пілястрамі пакрывала зялёная штофная абіўка з раслінным арнаментам; падлогу высцілаў дубовы паркет, выкладзены праменістым узорам. З сафіта з ляпных разетак звісалі дзве латунныя люстры. Зал ацяплялі авальная белакафляная печ і мармуровы камін. Памяшканне ўпрыгожвалі карціны і фамільныя партрэты, фарфор і серабро. З правага боку да залы далучалася меншая «рыцарская» са штофнай малінавай абіўкай расліннага арнамента. Абсталяванне яе складала мэбля ў стылі ампір, якая адпавядала колеру абіўкі. Сваю назву зала атрымала з-за размешчанай у ёй калекцыі зброі. З бальнай залы налева ўваход вёў у вялізную сталовую ў пазалочаным тоне з дзвюма кафлянымі печамі і мармуровым камінам. У правым кутку паркавага рада памяшканняў знаходзіўся «паляўнічы» пакой з даволі багатай калекцыяй паляўнічых трафеяў.
Сядзібу абкружаў аграмадны пейзажны парк плошчай каля 40 га, які арганічна пераходзіў у навакольны лес. Да ганка дома і авальнага газона перад ім падводзіла працяглая, высаджаная італьянскай таполяй уязная алея. Па яе баках цягнуліся простакутныя сажалкі, за якімі па правым баку ішлі фальварачныя будынкі, а па левым - тры флігелі. За домам ліпавая алея вяла да капліцы. У сярэдзіне гэтай часткі парку існаваў стаў натуральнага абрысу, густа абсаджаны разнастайнымі дрэвамі і хмызняком. Дзендрасклад парку ўключаў клён чырвоны, ліпу серабрыстую, каштан звычайны і пунцовы, мноства бярозы, італьянскую таполю, елку серабрыстую, лістоўніцу эўрапейскую, шматлікія кусты.
Аўтар: Анатоль Кулагін
Страчаная спадчына. Менск, Полымя, 1998. ISBN 985-07-0036-X

Comments

( 2 comments — Leave a comment )
rogax
Oct. 24th, 2011 01:26 pm (UTC)
Магчыма гэтая сядзіба знаходзілая за Ходасавічамі, ёсць на старых мапах месца-Відалін.
proliv
Nov. 1st, 2011 06:03 am (UTC)
Видалин
Имение Видалин в 1910 г. согласно Списка нас. мест Могилевской губернии принадлежало дворянке Е.Ф.Дориа-Дерналович.
3 дома 15 мужчин 21 женщина.
Кошелевская волость, Люшевский римско-католический приход
( 2 comments — Leave a comment )

Latest Month

October 2018
S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031   

Tags

Page Summary

Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel