?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Памятная шыльда Кастусю Каліноўскаму ў Вільні
Памятная шыльда Кастусю Каліноўскаму ў Вільні
Празь некалькі дзён на Замкавай гары ў Вільні будуць адноўленыя працы археолягаў на месцы пахаваньня кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гадоў.

Вымушаныя раскопкі былі распачатыя сёлетняй зімой, калі на знакамітай гары Гедыміна паплыў грунт, і рабочыя, што рабілі ўмацаваньне схілу, выявілі чалавечыя парэшткі. Натуральна, паклікалі археолягаў. Аднак неўзабаве моцныя маразы прымусілі адкласьці дасьледчыя працы да вясны.
Прапануем вам запіс круглага стала на Літоўскім радыё, дзе спэцыялісты распавялі пра сёньняшнюю сытуацыю вакол меркаванай магілы нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў.

Вядоўца: Мы будзем гаварыць пра знаходкі на гары Гедыміна. Можна нясьмела марыць, што ўсё ж такі нам пашанцавала — што, магчыма, гэта парэшткі правадыроў паўстаньня 1863 году Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Сёньня нашыя суразмоўцы — старэйшы музэязнаўца аддзелу Сярэднявечча і Новага часу Нацыянальнага музэю Літвы археоляг Арунас Калеюс (Arūnas Kalėjus), гісторык Вітаўтас Ягела (Vytautas Jogėla), а неўзабаве праз тэлефон далучыцца і прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас (Rimantas Jankauskas). Ці сапраўды мы за крок ад сэнсацыі?

Калеюс: Цяжка сказаць, ці за крок. Мы знайшлі пахаваньні, сабралі пэўную колькасьць зьвестак, інтэрпрэтуем іх, папярэдне робім выснову, што знойдзеныя парэшткі могуць быць зьвязаныя з удзельнікамі паўстаньня.

Вядоўца: Пра гэта яшчэ пагаворым. У якіх акалічнасьцях было знойдзенае гэтае пахаваньне, гэтыя пахаваныя?

Калеюс: Археалягічныя дасьледаваньні пляцоўкі на гары Гедыміна мы выканалі ў студзені сёлета. Працавалі сямёра археолягаў з Нацыянальнага музэю. Дасьледаваньні былі зьвязаныя з працамі дзеля ўпарадкаваньня гары Гедыміна.

Вядоўца: Упарадкаваньня ў сувязі з апоўзкамі глебы?

Калеюс: У сувязі з апоўзкамі глебы трэба было выканаць пэўныя працы, каб паменшыць імавернасьць фармаваньня апоўзкаў гэтай вясной. Раскопкі мы праводзілі на пляцоўцы і парэшткі знайшлі на пляцоўцы, не на схіле. Увесь студзень мы дасьледавалі невялікую, але і немалую тэрыторыю — 15 кв.м, зафіксавалі культурны пласт таўшчынёй ад 2 да 3 м, адкапалі некалькі дзясяткаў знаходак канца XIV ст., ХХ ст. Нашых слухачоў, зразумела, найбольш цікавяць пахаваньні. На плошчы 15 кв.м мы выявілі пяць магілаў. Тры магілы раскапаць удалося часткова, закрануўшы край ці кут магільнай ямы. Было зразумела, што гэта магілы, што ў іх пахаваныя мярцы. Мы закансэрвавалі іх і пакінулі для будучых дасьледаваньняў. А цалкам мы дасьледавалі дзьве магілы. У адной магіле быў пахаваны адзін мрэц, а другая магіла групавая, у ёй пахаваныя трое мярцоў.

Вядоўца: А ці для вас самых гэта была нечаканасьць? Ці вы чакалі, што знойдзеце магілы, шукаючы старэйшых артэфактаў?

Калеюс: Калі цяпер вярнуцца думкаю назад, то былі зьвесткі, што можна чакаць такіх знаходак. Але перад пачаткам дасьледаваньняў мы не спадзяваліся на такое, усё ж гэта была нечаканасьць. Усё ж гара Гедыміна — гэта ня могілкі, не асьвячонае месца. Цяпер, азіраючыся назад, адзначаем, што на гэтым месцы стаяў крыж, мы капалі поруч з Крыжам паўстанцаў, і калі магілы былі выяўленыя, прэса пісала: як жа, маўляў, можна было не чакаць такога. Але так было — мы не чакалі.

Вядоўца: Ужо пасьля таго зьявілася публікацыя літаграфіі з Крыжам паўстанцаў.

Калеюс: У інтэрнэце гэты здымак не адзіны, і папраўдзе ён заўсёды быў даступны.

Вядоўца: На якой глыбіні былі парэшткі?

Калеюс: Мы ўсё знайшлі... На адным перакапаным баку была глыбіня культурнага пласта каля мэтру, на іншым баку — тры мэтры. Мярцы былі пахаваныя (калі яны былі пахаваныя ў другой палове ХІХ ст., а мы не сумняваемся ў гэтым) на глыбіні 1—1,5 м.

Вядоўца: Што падказваюць знаходкі, выяўленыя каля целаў?

Калеюс: Мярцы былі пахаваныя бяз трунаў, несумненна, у адзеньні, хаця арганіка — тканіны — расклалася; мы выявілі некалькі шматкоў, рэстаўратары іх закансэрвуюць. Лепш захаваліся вырабы зь неарганічных матэрыялаў, такія, як дэталі адзеньня — гузікі, некалькі спражак ад папругаў. Цяпер гэтыя вырабы перададзеныя рэстаўратарам, яны будуць пачышчаныя, будзе праведзены больш дэталёвы тыпалягічны аналіз, але няма сумневаў, што рэчы вырабленыя ў 2-й палове ХІХ ст.

Вядоўца: Такія храналягічныя рамкі?

Калеюс: Мы адразу акрэсьлілі гэтыя храналягічыя рамкі: у раскопках не было рэчаў, якія можна было б датаваць пачаткам ХІХ ст. (напр., як у пахаваньнях ваяроў францускага войска). Таксама не было вырабаў, якія можна датаваць пачаткам ХХ ст. Таму маем даволі вузкія храналягічыя рамкі: сярэдзіна — другая палова ХІХ ст.

Вядоўца: Сам спосаб пахаваньня — які ён быў?

Калеюс: Паколькі мярцы пахаваныя бяз трунаў, то можа і ня так дзіўна (іншыя тагачасныя пахаваньні пераважна ў трунах), што яны абсыпаныя вапнай.

Вядоўца: Чаму вапнай?

Калеюс: Вапна ўжывалася як дэзынфэкцыйны сродак, асабліва калі людзі паміралі ад хваробаў, падчас эпідэміяў. Таксама вапна выкарыстоўвалася для паскарэньня раскладу арганікі. Цікавейшая канфігурацыя пахаваньня мярцоў. Нават не пахаваньня, а закопваньня. У групавой магіле трое мярцоў. Двое пахаваныя раўналежна адзін аднаму. Адзін зь іх пахаваны на сьпіне і са зьвязанымі за сьпінай рукамі. Вядома, вяроўкі ці іншага рыштунку мы не знайшлі, але з разьмяшчэньня касьцей відаць, што ён пахаваны са зьвязанымі за сьпінай рукамі.

Вядоўца: Нештодзённы звычай.

Калеюс: Сапраўды, нештодзённы. Я не магу прыгадаць, каб тут, у Літве, быў выяўлены мрэц са зьвязанымі рукамі. Я не заглыбляўся ў пэрыяды 1-й і 2-й усясьветных войнаў, але з ранейшых пэрыядаў такога не магу прыпомніць. А трэці мрэц быў пакладзены на тых дваіх, галавой у процілеглы бок.

Вядоўца: Дык гэта падказвае, што яны былі скінутыя.

Калеюс: Так, хутчэй не пахаваныя, а скінутыя і закапаныя без належнай пашаны. Як гэты чалавек, што быў кінуты на двух астатніх жыватом уніз і ў процілеглы бок.

Вядоўца: Такім чынам, храналягічныя рамкі — другая палова ХІХ ст., месца пахаваньня — пляцоўка гары Гедыміна, г. зн. ня могілкі, адно зь целаў са зьвязанымі за сьпінай рукамі — гэта ўсё доказы, што і сапраўды яны маглі быць удзельнікамі паўстаньня 1863 г.

Калеюс: Так, і паколькі рукі зьвязаныя, то відавочна, што мрэц памёр не сваёй сьмерцю. Бо няма сэнсу памерламу зьвязваць рукі і пасьля таго хаваць.

Вядоўца: Іншая рэч, пра якую хачу спытаць спадара Вітаўта Ягелу. Паведамляецца, што куляў ня выяўлена, у целах няма сьлядоў куляў, прыкметаў гвалтоўнай сьмерці ад агняпальнай зброі няма. Гэта мела б сьведчыць, што быў іншы спосаб... Вы перад праграмай прыгадалі, што кіраўнікоў паўстаньня, адрозна ад шараговых удзельнікаў, не расстрэльвалі, іх вешалі.

Ягела: Так. Гісторыкі Нацыянальнага музэю Літвы цяпер праводзяць дадатковае дасьледаваньне, шукаючы дакумэнтаў, якія б пацьвердзілі, так бы мовіць, аўтэнтычнасьць гэтых паўстанцаў. У тагачасным расейскім вайсковым карным кодэксе былі строга вызначаныя правілы, рэглямэнт выкананьня сьмяротнага прысуду. Перад павешаньнем так званага злачынцы (выкарыстоўваючы тэрміны тагачаснай Расейскай імпэрыі) рыхтавалі для гэтага спэцыяльнае месца — у гэтым выпадку ўсе такія экзэкуцыі (расстрэлы, павешаньні) у Вільні адбываліся на Лукіскім пляцы.

Вядоўца: Гэта былі публічныя працэсы.

Ягела: Так, гэта былі публічныя працэсы. З самай раніцы перад выкананьнем прысуду па горадзе хадзілі салдаты з барабанамі, лупілі ў барабаны і чыталі загад вайсковага трыбуналу пра будучае выкананьне прысуду.

Вядоўца: Своеасаблівае папярэджаньне.

Ягела: Так, папярэджаньне. І запрашалі людзей паглядзець, як той прысуд будзе выкананы. Перад павешаньнем з паўстанца здымалі верхнюю вопратку, надзявалі падрыхтаванае для гэтага адзеньне, а таксама каптур на галаву. Каптур быў патрэбны, каб засуджаны ня бачыў, што адбываецца. Яму таксама зьвязвалі рукі. Зьвяртаю ўвагу, што выканаць гэтае дзеяньне было абавязкова.

Вядоўца: Значыць, гэта не супадзеньне?

Ягела: Калі засуджанаму быў вынесены сьмяротны прысуд, то, скажам, перад павешаньнем кат надзяваў вяроўку і вешаў паўстанца. Іншы характар мела кара праз расстрэл. Перад расстрэлам прыводзілі паўстанца, шыхтавалася рота — прыблізна 15 салдатаў. Адлегласьць паміж паўстанцамі і салдатамі была 15 крокаў. Пад біцьцё барабанаў зачытвалі прысуд. На ўзмах рукі афіцэра салдаты рабілі залп. Паводле інструкцыі належала страляць паўстанцу ў грудзі. Калі пасьля першага залпу паўстанец ня падаў, тады дазвалялася страляць адзіночнымі стрэламі. Потым павешанага ці расстралянага паўстанца клалі ў загадзя выкапаную каля слупа яму. Тады засыпалі вапнай і закопвалі. Рота салдатаў праходзіла па гэтым закапаным паўстанцу. Такі быў афіцыйны парадак павешаньня і расстрэлу.

Вядоўца: Выбачаюся перад слухачамі за ў пэўнай ступені жудасны абразок, якога не магло намаляваць нават уласнае ўяўленьне.

Ягела: Вусьцішная карціна.

Читать полностью здесь

Latest Month

December 2018
S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel