?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

О переселении шляхты

Макарэвіч, В.С. Перасяленне маргінальных катэгорый шляхты з Беларусі ва ўнутраныя і памежныя губерні Расіі ў 30—60-я гг. XIX ст. / В.С. Макарэвіч // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб. вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 46–50.
В. С. МАКАРЭВІЧ
ПЕРАСЯЛЕННЕ МАРГІНАЛЬНЫХ КАТЭГОРЫЙ
ШЛЯХТЫ З БЕЛАРУСІ ВА ЎНУТРАНЫЯ
І ПАМЕЖНЫЯ ГУБЕРНІ РАСІІ Ў 30—60-я гг. XIX ст.
Спробы вырашэння імперскімі ўладамі праблемы наяўнасці ў далучаных пасля падзелаў Рэчы Паспалітай губернях вялікай колькасці шляхты адносяцца яшчэ да канца XVIII ст. Многія з палонных барскіх канфедэратаў па загаду Кацярыны II былі адпраўлены ў казакі Падольскай, Уфімскай, Арэнбургскай губерняў.У 1796 г. набыў моц заканадаўчага акта план Платона Зубава аб перасяленні чыншавай шляхты на паўднёвыя межы імперыі. Невядома, у якой ступені праект быў рэалізаваны да часу, калі ў 1797 г. Павел I адмовіўся ад яго ажыццяўлення.
Наступныя спробы масавага перасялення шляхецкага насельніцтва адносяцца да часу праўлення Мікалая II — часу найбольш актыўнага так званага «разбору» шляхты.
Пасля падаўлення паўстання імператарам было пастаноўлена вырашыць гэтае пытанне. Адным з напрамкаў дзейнасці ў вызначаным накірунку стала высяленне незацверджанай шляхты ў аддаленыя губерні імперыі. У законе ад 19 кастрычніка 1831 г., згодна з якім былі створаны новыя катэгорыі насельніцтва — аднадворцы і грамадзяне, таксама ўказвалася, што, «дабы доставить им (однодворцам і гражданам. — В. М.) более способов к постоянной оседлости, повелели министру финансов приступить к распоряжениям о доставлении наиболее нуждающимся в землях способов к переселению во внутренние губернии» [4, т. VI, № 4869].
25 сакавіка 1832 г. імператарам былі зацверджаны правілы для перасялення грамадзян і аднадворцаў заходніх губерняў у Каўказскую вобласць. Спачатку планавалася выселіць у названую вобласць 5000 сем’яў аднадворцаў і грамадзян з Падольскай губерні, аднак у маі таго ж года было пастаноўлена: «...правила сии считать не для одной Подольской, но и для прочих всех Западных Губерний». Асобы для перасялення вызначаліся спецыяльна створанымі камісіямі, якія зацвярджаліся губернатарам. Перасяленне ажыццяўлялася пад наглядам канвойных на чале са спецыяльным чыноўнікам. На новым месцы жыхарства перасяленцам адводзілася па 50 дзесяцін зямлі ў прыватную ўласнасць на сям’ю, перасяленцы вызваляліся на 5 гадоў ад падымных падаткаў і земскіх павіннасцей. Пасля 5-гадовага тэрміну на перасяленцаў ускладваліся павіннасці аднадворцаў заходніх губерняў, а звыш таго пазямельны падатак у памеры 10 капеек срэбрам з дзесяціны зямлі.
Апошні збор павінен быў заставацца нязменным на працягу 20 гадоў, пасля чаго «соразмеряется с оброком казенных поселян, основываясь, однако, не на числе душ, а на количестве десятин земли». Прадастаўляліся некаторыя іншыя льготы, сярод якіх трохгадовая льгота ў выкананні натуральных земскіх павіннасцей, пяцігадовая ў рэкрутчыне, а ў наступныя тры гады напалову, вызваленне на 6 гадоў ад вайсковага пастою і ссыпання хлеба ў «вясковыя запасныя магазіны». Здымаліся ўсе «нядоімкі» за мінулыя гады. Выдавалася па 50 руб. на дарогу і па 50—100 у залежнасці ад наяўнасці лесу на пабудову жылля, акрамя выпадкаў, калі яно прадастаўлялася. Выдавалася таксама ад чатырох да шасці «чвартаў» азімага і яравога хлеба, столькі ж «чацверыкоў» круп і па 3 пуды солі.
Месца пасялення перасяленцаў выбіралася мясцовымі ўладамі. Перасяляемыя маглі прадаць маёмасць на старым месцы, аднак з ведама камісіі, «каб уласнасць кожнага перасяляемага сямейства, якую яно возьме на новае месца пасялення, магла быць вядомая начальству» [4, т. VII, №5249]. Падчас «распубликования» ўказа былі ўнесены змены асабіста імператарам: правілы распаўсюдзіць на ўсе заходнія губерні і не абмяжоўвацца лічбаю ў 5000 сем’яў, асоб з былой шляхты, якія «не маюць аселасці і сталых заняткаў, пераходзяць з аднаго месца на іншае альбо пражываюць у марнасці, перасяляць да казакоў на Каўказскай лініі», высяленне іх не павінна было мець ніякай сувязі з «каланізацыяй аднадворцаў» [4, т. VII, № 5250].
У адзін дзень з правіламі перасялення грамадзян і аднадворцаў заходніх губерняў у Каўказскую вобласць былі зацверджаны правілы для перасялення аднадворцаў па добраахвотным іх жаданні [4, т. VII, №5250]. Правілы адрозніваліся толькі тым, што добраахвотна выязджаючыя маглі выслаць спачатку выбранага чалавека, каб агледзець прапанаваныя для перасялення землі і адмовіцца ад прапанаваных участкаў, а па дарозе на новае месца сталага жыхарства іх не суправаджаў канвой.
У адносінах да шляхты «зусім неаселай» (бабылёў) прадугледжваліся больш жорсткія мерапрыемствы.
Асобым палажэннем Камітэта міністраў (зацверджаным 29 сакавіка 1832 г.) Міністэрству ўнутраных спраў прадпісвалася гэтую катэгорыю шляхты прымусова адпраўляць «да казакоў на Каўказскай лініі», прапісваючы іх там як бадзягаў. З Віленскай губерні прадугледжвалася выселіць 2 тыс. аднадворцаў, «найбольш падазроных і нядобранадзейных», прылічыўшы іх да казакоў [3, с. 18].
Прымусоваму перасяленню на Каўказ падвяргаліся шляхцічы — удзельнікі паўстання 1830—1831 гг. [4, т. VIII, № 5892]. У 1833 г. перасяленне на Каўказ было прыпынена, хутчэй за ўсё па фінансавых прычынах.
У 1841 г. быў выдадзены чарговы ўказ, які ўводзіў новую рэгламентацыю перасялення аднадворцаў. На землях у Екацярынаслаўскай губерні, якія прызначаліся для перасялення ўкраінскіх казакоў, пры кожным участку пакідалася свабодная зямля для аднадворцаў заходніх губерняў, якія такім чынам павінны былі растварыцца ў казацкай масе. Аднадворцам прадастаўляліся такія ж самыя льготы, якія былі прадугледжаны для казакоў. Прадугледжвалася, па меры паспяховага ажыццяўлення перасялення, вызначаць для перасялення аднадворцаў іншыя многазямельныя губерні [4, т. XVI, № 14601]. У сферу перасялення аднадворцаў затым былі ўключаны Таўрычаская, Херсонская і Сімбірская губерні. Для перасялення аднадворцаў было выкарыстана і «Палажэнне» 8 сакавіка 1843 г. аб пераводзе дзяржаўных сялян з малазямельных у многазямельныя губерні. На аснове гэтага закона планавалася выселіць з Віленскай губерні 1042 душы мужчынскага полу [3, с. 18].
Даследчык В. Неўпакоеў правёў аналіз архіўных крыніц у РДГА. Па яго падліках, пераселена аднадворцаў з усіх заходніх губерняў было не больш як 9 % ад іх агульнага складу — 7746 душ мужчынскага полу [3, с. 18].
Колькі было пераселена аднадворцаў і грамадзян, а таксама выслана шляхты, якая не мела заняткаў, сёння сказаць яшчэ цяжка. Неабходны грунтоўны аналіз крыніц, і ў першую чаргу архіўных. Польскі даследчык Г. Масьціцкі адзначыў, што ў перыяд 1832—1849 гг. пераселена з губерняў «літоўска-рускіх» каля 56 тыс. аднадворцаў [8, c. 46—63]. Такая лічба, відаць, сур’ёзна перабольшаная.
Агульнавядома, што дробная і сярэднезаможная шляхта (як зацверджаная ў дваранстве, так і не зацверджаная, а таксама «граждане» і «однодворцы» заходніх губерняў складалі асноўную частку сярод паўстаўшых у 1863 г. на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Сведчаць аб гэтым следчыя дакументы і справаздачы мясцовых улад. Да 70 % удзельнікаў паўстання належалі менавіта да дробнай шляхты [1,с. 104—147] .
Не дзіўна, што частка рэпрэсіўнай палітыкі імперскіх улад была скіравана менавіта супраць дробнай шляхты. Многія ўдзельнікі паўстанцкіх атрадаў вербаваліся з бліжэйшых дробнашляхецкіх ваколіц, а іх жыхары аказвалі дапамогу паўстанцам. Яшчэ падчас задушэння паўстання ўлады прымянялі высяленне жыхароў такіх ваколіц ва ўнутраныя губерні імперыі.
Перасялялі шляхту цэлымі ваколіцамі, часам спальваючы хаты і пераворваючы зямлю. Вызвалены ў такі спосаб абшар улады аддавалі мясцовым стараверам альбо пераселеным з Расіі сялянам. Такім чынам зніклі з паверхні зямлі ў Гродзенскай губ. Эйсымонты, Явораўка, Явожна, Лукавіцы, Надтабольскае, Прушанка [6, с. 63—71], Шчукі, Талочкі, Жуковічы [7, с. 139—145, 354]. Па падліках Сусаны Самбук, 3497 асоб ваколічнай шляхты былі высланы без судовых прысудаў, толькі на падставе загадаў адміністрацыі [5, с. 25].
Сведчанні жорсткасці праводзімай перасяленчай палітыкі пакінуў сам яе ініцыятар і рэалізатар Міхаіл Мураўёў ва ўспамінах. Так, цэлая шляхецкая ваколіца Шчукі Гродзенскага павета, якая налічвала 73 жыхара, як пісаў М. Мураўёў, у верасні 1863 г. была пераселена ў Сібір [2, с. 623]. З засценка Явораўка Беластоцкага павета былі выселены 34 сям’і ва ўнутраныя губерні імперыі [9, с. 298].
Перасяленні не праводзіліся ўладамі ў больш шырокіх памерах па прычыне, як лічыў Генрых Масьціцкі, высокіх коштаў рэалізацыі падобных мерапрыемстваў [3, c. 61—63].
Зямлю, якая вызвалялася пасля правядзення перасялення ваколіц, імперскія ўлады выкарыстоўвалі для каланізацыйных мэтаў. Было ўказана выбіраць для пасялення русскіх сялян перш за ўсё землі, якія вызваляліся пасля высялення «палітычна ненадзейнай шляхты» [9, с. 297].
Увогуле, планы Мураўёва былі досыць радыкальныя. Яшчэ ў 30-я гг. ён прапанаваў пакінуць шляхце на доказ дваранства толькі адзін год, пасля чаго яна павінна была быць пазбаўлена права доказу, а неаселую шляхту, «якая не выбярэ для сябе ўкладу жыцця», выселіць «на лініі», уключыўшы ў памежныя войскі. Аселая шляхта, «якая не выбрала ўкладу жыцця і не прыпісалася ў вольныя хлебапашцы», таксама павінна была быць залічана ў гэтыя войскі [3, с. 7]. Як відаць, тое, што не атрымалася ў 30-я гг., Мураўёў здзяйсняў, выкарыстоўваючы надзвычайныя паўнамоцтвы, у 1860-я гг.
Схаваны падтэкст перасялення насілі рэпрэсіўныя меры і законы, якія абмяжоўвалі розныя правы шляхты і дваранства. Законам ад 22 сакавіка 1831 г. прадпісвалася дзяцей шляхцічаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1830—1831 гг. і не мелі ніякіх доказаў на гэтае званне, забіраць у вайсковыя кантаністы [4, т. VI, № 4444]. У 1834 г. выдадзены закон, па якім дзяцей дваран — удзельнікаў паўстання, якія атрымалі прабачэнне, змяшчаць у карпусы толькі ва ўнутраных губернях Расіі [4, т. IX, № 7609]. Прымяняўся перавод чыноўнікаў-каталікоў на службу ва ўнутраныя губерні. Усім ураджэнцам заходніх губерняў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні і збеглі за мяжу, было забаронена вяртацца нават для апраўдання сябе ў судзе, а з тымі, хто патаемна перасёк межы імперыі, абыходзіліся як з прызнанымі злачынцамі [4, т. IX, № 7429].
Вялікая колькасць асоб была саслана ў расійскія губерні пасля паўстання 1863 г. Нават у выпадку дазволу на выезд з месцаў выгнання ўрад не дазваляў ураджэнцам заходніх губерняў вяртацца на радзіму, ім дазвалялася сяліцца толькі ў Польшчы [5, с. 80].
ЛІТАРАТУРА
1. Зайцев, В. Социально-сословный состав участников восстания 1863 г. (опыт статистического анализа) / В. Зайцев. М., 1973.
2. Записки графа М. Н. Муравьева-Виленскаго // Русская старина. 1883. T. XXXVII.
3. Неупокоев, В. И. Преобразование беспоместной шляхты в Литве в податное сословие однодворцев и граждан (вторая треть ХIХ века) / В. Неупокоев // Революционная ситуация в России 1859—1861. М., 1974. Т. VI.
4. Полное собрание законов Российской империи. Собр. второе. Т. І—LV. СПб., 1830—1884.
5. Самбук, С. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. / С. Самбук. Мн., 1980.
6. [Czaplicki F. W. ] Czarna ksiкga 1863—68. Przez autora «Powieњci o Horoїanie». Poznaс, 1878.
7. [Czaplicki F. W. ] Moskiewskie na Litwie rz№dy 1863—69. Dalszy niejako ci№g «Czarnej ksiкgi» przez autora «Powieњci o Horoїanie». Krakуw, 1869.
8. Моњcicki, H. Wysiedlenie szlachty na Litwie i Rusi przez rz№d rosyjski / H. Моњcicki // Wschуd Polski. 1919. № 1.
9. Szmidt, W. Geneza prywatnej rosyjskiej wіasnoњci ziemskiej w b. guberniach wileсskiej, grodzieсskiej i miсskiej / W. Szmidt // Miesiкcznik Statystyczny. 1922. Т. V.

Latest Month

February 2018
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728   

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel